У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.06.2021 17 верасня наша краіна адзначае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Дата мае невыпадковы характар: гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе ва ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.

17 верасня 1939 года адбылася падзея, якая стала адной з самых знамянальных у гісторыі нашай краіны. Чырвоная армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, а польскія войскі адступалі, практычна не аказвалі супраціву ёй. Ужо да пачатку кастрычніка былыя ўсходнія крэсы сталі савецкай тэрыторыяй. Паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь меў для беларускага народа вялікае значэнне, паколькі аб’яднанне ўсходніх і заходніх тэрыторый у адзінай дзяржаве стварала перадумовы для будаўніцтва новага жыцця. 14 лістапада 1939 году Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Пасля ўз’яднання з БССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўводзілася новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне: былі ўтвораны вобласці, раёны, сельскія саветы. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася да 225,7 тыс. кв. км, а насельніцтва – у 2 разы і склала 10,2 млн чалавек.

Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дало магчымасць Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сёння беларускі народ аб’яднаны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.